Get Adobe Flash player
Поделиться

Оплачивай быстро!
logo-raschet-bg

Тыдзень беларускай мовы – 2018 ЗАВЕРШАНЫ!!!

Тыдзень беларускай мовы – 2018 ЗАВЕРШАНЫ!!!

29 лістапада выкладчыкі агульнаадукацыйных дысцыплін правялі выхаваўчыя гадзіны, якія сталі заключнымі мерапрыемствамі ў Тыдні беларускай мовы – 2018.

Для навучэнцаў групы 115М куратар, выкладчык гісторыі, грамадазнаўства, геаграфіі, педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік аб’яднання па цікавасцях Кушняроў В.А. падрыхтаваў віктарыну “Беларусь у маім сэрцы”, мэты правядзення якой наступныя: пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці на ўзорах гісторыі малой і вялікай радзімы, далучэнне да гістарычнай спадчыны беларускага народа, развіццё пазнавальных якасцей, уменняў працаваць у групах, выхаванне паважлівых адносінаў да ўсіх удзельнікаў гульні. Віктарына падрыхтавана ў фармаце “Свая гульня”. Яна змяшчае пытанні, адказы на якія  раскрываюць гісторыю  краіны і адлюстроўваюць дасягненні беларускага народа ў розных сферах. Пытанні размеркаваны па катэгорыях: гісторыя краіны, гісторыя Мінскай вобласці, гісторыя Пухавіцкага раёна і горада Мар’іна Горка, гісторыя пасёлка Мар’іна і ўстановы адукацыі “Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічны каледж імя У.Е.Лабанка”. Навучэнцы з захапленнем і азартам адказвалі на пытанні, стараліся праявіць свае веды па гісторыі краіны і месца, дзе размешчана ўстанова адукацыі, у якой яны набываюць спецыяльнасць. Найбольш актыўнымі былі Зянько Іван, Банадысеў Ігар, Грыцкевіч Ілля, Воўк Яўген, Тамашкоў Уладзіслаў.  Трэба адзначыць, што сярод пераможцаў ёсць мясцовыя жыхары і тыя, што прыехалі з іншых рэгіёнаў. Але і першыя, і другія паказалі выключныя веды па гісторыі Мінскай вобласці, 80-годдзе якой адзначалі ў пачатку 2018 года, па гісторыі Пухавіцкага раёна і горада Мар’іна Горка, таямніцы якіх неаднаразова адкрывалі ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі, і што самае прыемнае – па гісторыі станаўлення і развіцця ўстановы адукацыі, пра якія даведаліся, наведваючы народны музей гісторыі  УА МДАТК.

Для навучэнцаў групы 116М выкладчык матэматыкі Канаш А.Дз. падрыхтавала пазнавальна-захапляльную віктарыну “Я ганаруся, што я з Беларусі”. Яна праведзена па прынцыпу гульні “Марскі бой”. Для таго, каб затапіць карабель, трэба правільна адказаць на 1, 2, 3 ці 4 пытанні запар. Цікавасць выклікалі не толькі пытанні, якія звязаны з гісторыяй малой і вялікай радзімы, але і дадатковы матэрыял: песні на словы беларускіх аўтараў і музыку Ігара Лучанка, выявы беларускіх мастакоў, афарызмы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Задавальненне ад гульні атрымалі і навучэнцы-удзельнікі, і куратар Вершаль В.В., якая была старшынёй журы, і калегі, якія наведалі мерапрыемства.

Для навучэнцаў групы 117М куратар, выкладчык фізікі і астраноміі Худзіцкі А.А. падрыхтаваў інтэгрыраванае мерапрыемства “Фізічныя законы ў беларускіх прыказках і прымаўках”. Мэты правядзення гэтага мерапрыемства: садзейнічаць пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы сярод навучэнцаў, якія набываюць тэхнічную спецыяльнасць; пашыраць слоўнікавы склад навучэнцаў беларускамоўнай тэрміналогіяй па будучай спецыяльнасці; выхоўваць цікавасць да вывучэння дысцыплін агульнаадукацыйнага кампанета, павагу да багацця лексічнага складу беларускай мовы; садзейнічаць развіццю камунікатыўных здольнасцей, лагічнага мышлення, умення працаваць у мікрагрупе, адстойваць свой пункт погляду – былі дасягнуты. Спачатку куратар, навучэнцы і наведвальнікі пагаварылі пра ролю беларускай мовы ў жыцці чалавека, беларуса, навучэнца, будучага спецыяліста і абмерквалі фізічныя законы вакол кожнага з нас. Потым сфармулявалі гэтыя законы па-беларуску. У якасці заданняў былі прапанаваны ўрыўкі з твораў беларускіх пісьменнікаў, у якіх трэба было адшукаць прыказкі, растлумачыць іх значэнне, і ў завяршэнне – паразважаць, якія фізічныя з’явы ляжаць у іх аснове. Навучэнцы вельмі стараліся праявіць свае веды, як у валоданні прыказкамі і прымаўкамі, так і ў дзеянні фізічных законаў. Пераможцам стаў Уладзіслаў Шукан – ён часцей за іншых даваў правільныя адказы, быў у гэтай справе першым. Журы, у склад якога ўвайшлі  загадчык аддзялення “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” Зубенка В.Я. і адзіная дзяўчынка ў групе 117М Дар’я Шрамко, адзначыла актыўнасць усіх навучэнцаў і асаблівую спрытнасць Уладзіслава Шукана.

У гэты ж дзень былі падведзены вынікі інтэрактыўных гульняў. У гульні

“Шлях ад лічбы да лічэбніка”, прапанаванай выкладчыкам Канаш А.Дз., пераможцам стаў Грыбакін Уладзіслаў (116М). У гульні “Беларускамоўны спорт”, прапанаванай выкладчыкам Кушняровым В.А., лепшыя вынікі паказалі навучэнцы, якія займаюцца спортам і захапляюцца футболам: Пракапец Іван (115М) і Алтухоў Уладзіслаў (115М).

Яшчэ раз падкрэслім, што тыдзень роднай мовы прайшоў весела, займальна, і галоўнае – пазнавальна.  І выкладчыкі, якія падрыхтавалі цікавыя мерапрыемствы, большасць якіх прыўрочана Году малой радзімы, і навучэнцы, якія адгукнуліся на прапановы паўдзельнічаць і праявіць веды, набытыя самастойна, са школьнымі настаўнікамі, падчас вучобы ў каледжы,  атрымалі вялікую асалоду ад плённай сумеснай дзейнасці.

Загадчык кабінета беларускай мовы і літаратуры, старшыня цыклавой камісіі выкладчыкаў агульнаадукацыйных дысцыплін Свірыдава А.В. выказвае падзяку калегам, і тым ліку і з іншых  цыклавых камісій, і навучэнцам, якія прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах Тыдня роднай мовы. А ў якасці рэфлексіі прапаноўвае падумаць над выказваннямі пра родную мову:

Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам.

Я.Сіпакоў

Хто саромеецца роднай мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся.

В.Ластоўскі

Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю.

Я.Колас

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў.

Ф.Скарына

Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў.

У.Караткевіч

Мова ‒ гэта вялікі народны скарб. Яго нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ.

І.Мележ

Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор ‒ мова.

А.Разанаў