Get Adobe Flash player

Поделиться

Группа ВКонтакте

Дзень роднай мовы 2019

Кажуць,  каб вывучыць замежную мову, патрэбны лічаныя гады, каб вывучыць сваю, родную, — не хопіць жыцця. “Давайце вывучаць яе разам!” – заклікалі выкладчыкі цыклавой камісіі агульнаадукацынйых дысцыплін не толькі навучэнцаў, але і калег.

Святкаванне Дня роднай мовы, які ва ўсім свеце адзначаюць 21 лютага, – традыцыйнае свята ў нашым каледжы. Яго арганізатарам штогод выступае загадчык кабінетам беларускай мовы і літаратуры Свірыдава А.В.

Сёлета ў гэты дзень былі запланаваны не толькі пазнавальныя, але і захапляльныя мерапрыемствы, у якіх прыняла ўдзел болей за 100 навучэнцаў і каля 10 выкладчыкаў.

У фае галоўнага корпуса наведвальнікі аб’яднанняў па цікавасцях “Старонкі гісторыі” і “Мінуўшчына” аформілі тэматычны стэнд.

На перапынках былі праведзены акцыі. У акцыі “Смак роднай мовы” навучэнцы разгадвалі беларускамоўныя рэбусы. Першымі ў гэтай справе аказаліся навучэнцы групы 67А.

У акцыі “Мудрае дрэва” навучэнцы групы 62Э найбольш поўна ўпрыгожылі “дрэва” беларускімі прыказкамі, прымаўкамі, фразеалагізмамі і назвамі любімых твораў беларускіх пісьменнікаў. Большасць прыказак і фразеалагізмаў раскрывалі лепшыя якасці беларусаў. А сярод любімых беларускіх кніг болей за ўсё было ўзгадана твораў Уладзіміра Караткевіча.

У акцыі “Скарбонка цікавых назваў прафесіяналаў” будучыя тэхнікі-механікі з групы 117М напоўнілі скарбонку словамі з будучай прафесійнай лексікі. Першакурснікі толькі пачынаюць свой шлях у прафесію, таму было дазволена карыстацца руска-беларускім слоўнікам сельскагаспадарчай тэрміналогіі.

Цікавасць выклікалі інтэрактыўныя праекты, дзе для выканання заданняў трэба было выкарыстоўваць звесткі з інтэрнет-крыніц. У разгадванні тэстаў ад Natatnik на сайце http://www.movananova.by лепшыя веды ў валоданні зместам беларускіх фразеалагізмаў паказаў Таміленка Яўген з групы 62Э. Каб выканаць “заданні з канверта” трэба было выкарыстаць моўны практыкум з сайта газеты “Звязда” http://zviazda.by. Добрасумленна аднеслася да выканання гэтага задання творчая група 116М – хлопцы першымі далі поўныя правільныя адказы на хітрыя пытанні тыпу “У чым адрозненне века і накрыўкі?”, “Ці можна гатоўкай разлічыцца ў краме?” і інш.

Сюрпрызам для навучэнцаў аказаліся вучэбныя заняткі па матэматыцы, фізіцы, геаграфіі, біялогіі, хіміі, якія былі праведзены па-беларуску.  На беларускай мове прайшлі і выхаваўчыя гадзіны на тэмы “Праблема п’янства вачыма моладзі”, “Беларусь – мая Айчына”.

Усе: арганізатары, удзельнікі і наведвальнікі мерапрыемстваў – атрымалі задавальненне ад пануючай прыгажосці роднага слова. Вывучаць родную мову разам атрымалася на “выдатна”!