Экскурсія ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
Экскурсія ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
9 кастрычніка 2018 года навучэнцы 115М групы наведалі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Ім пашанцавала трапіць на адкрыццё літаратурна-мастацкай выставы “Ёсць куток на зямлі…”. Гэта сумесны праект музея і мастачкі Аксаны Аракчэевай да Года малой радзімы. Экспазіцыя прысвечана пісьменнікам, жыццё ці творчасць якіх звязана з Мядзельшчынай. Героямі выставы сталі Максім Танк, Уладзімір Дубоўка, Віцэнт Дунін-Марцінкевіч, Казімір Сваяк, Язэп Драздовіч, Альбін Становіч.
Навучэнцы не толькі даведаліся цікавыя факты з біяграфій пісьменнікаў, але і ўбачылі іх асабістыя рэчы: зборнікі, аўтографы, акуляры Максіма Танка і Уладзіміра Дубоўкі, пісьменніцкія прыналежнасці. Найбольшую цікавасць выклікаў драўляны футляр для рукапісу камедыі Язэпа Драздовіча “Вялікая шышка”. Асаблівую каштоўнасць яму надае той факт, што футляр і зроблены, і ўпрыгожаны самім Язэпам Драздовічам.
Пазнаёміўшыся з экспазіцыяй, пераканаўшыся ў маляўнічасці Мядзельшчыны, якая дала свету не аднаго славутага нашчадка, навучэнцы згадзіліся са словамі Максіма Танка:
Ёсць куток на зямлі…
Дзень адзін пражывеш –
Назаўсёды цябе зачаруе.
Гэтыя радкі можна аднесці і да малой радзімы кожнага з нас, і да нашай цудоўнай, шчодрай на таленты, краіны.