Экскурсія ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
Экскурсія ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
13 красавіка 2018 года навучэнцы 61Э групы наведалі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры – гэта адзін з буйнейшых літаратурных музеяў нашай краіны і адзіны літаратурны музей, які займаецца дакументаваннем літаратурнага працэсу на Беларусі ў шырокім гістарычным кантэксце: ад часоў узнікнення пісьменства да сённяшніх дзён.
Нашым першакурснікам пашанцавала: падчас адной экскурсіі ім прадставілася магчымасць убачыць шмат чаго і пашырыць свой кругагляд разнастайнымі ведамі.
У фае навучэнцы пазнаёміся з працэсам станаўлення беларускай дзяржаўнасці пасродкам літаратурна-мастацкай выставы “Мы ёсць народам!”.
У экспазіцыйнай зале трапілі ў “Таямніцы імгнення” – выставу гадзіннікаў, былі ўражаны разнастайнасцю і незвычайнасцю такой звычайнай рэчы. Некаторым экспанатам, якія змешчаны на часовай экспазіцыі, некалькі сотняў гадоў. Частка экспазіцыі – гадзіннікі розных тыпаў і памераў: камінныя, насценныя, падлогавыя, кішэнныя. Таксама на экспазіцыі наведвальнікі пазнаёміліся з літаратурай Францыі, Англіі, Германіі тых часоў. Гэта і Льюс Кэрал з казкай “Алісіны прыгоды ў дзівоснай краіне”, якая ўпершыню была выдадзена ў Англіі ў 1865 г., творы Джорджа Байрана; творы аднога з выбітных французскіх раманістаў ХІХ ст. Віктара Гюго, рэаліста Анарэ дэ Бальзака і інш.
У лекцыйнай зале размешчана экспазіцыя “Беларускі друкар Спірыдон Собаль”, прысвечаная выбітнаму дзеячу беларускай асветы Спірыдону Собалю, аўтару першага беларускага буквара. На часовай экспазіцыі прадстаўлены рэдкія выданні XVII ст., у тым ліку прыжыццёвае выданне Спірыдона Собаля “Ліманар”, надрукаваны ў 1628 годзе ў Кіеве і інш.
Навучэнцы паказалі добрае веданне творчасці Кандрата Крапівы, але ўсё ж і на экспазіцыі “Кандрат Крапіва. Ад маленства да сталасці” адкрылі для сябе цікавыя, раней незнаёмыя, старонкі біяграфіі гэтага выдатнага майстра слова.
Далей чачала літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Цімкавічы – скарбніца натхнення”, якая прадстаўляе творы Алеся Квяткоўскага і студэнтаў архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта, напісаныя на пленэры ў Цімкавічах. Таксама ў гасцей часовай экспазіцыі з’явілася магчымасць удасканаліць веды пра асобу і творчасць Кузьмы Чорнага – знакамітага беларускага пісьменніка з Цімкавіч, апавяданне якога “Макаркавых Волька” не аставіла абыякаваымі нашых навучэнцаў, калі яны чыталі яго ў межах вывучэння курса беларускай літаратуры.
У апошняй зале апынуліся ў атмасферы літаратурна-музычнага салона, якая створана ў літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Шляхецкія быліцы” Адама Міцкевіча”. Была адкрыта да 220-годдзя з дня нараджэння вялікага паэта бунтарскага духу і ўсеабдымнага таленту Адама Міцкевіча. На экспазіцыі прадстаўлена шляхецкая гасцёўня ХІХ стагоддзя, дзе сустракаліся сябры, чыталі творы, музіцыравалі, што адлюстроўвае старонкі жыцця паэта-рамантыка Адама Міцкевіча. Наведвальнпікі атрымалі магчымасць упершыню ўбачыць метрычны запіс аб хросце Адама Міцкевіча (1799 г.), метрычны запіс аб шлюбе Мацея Маеўскага і Ганны Гарэшкі (дзядуля і бабуля Адама Міцкевіча, 1763г.), метрыку давяршэння хросту маці пісьменніка Барбары Маеўскай (1769 г.), а таксама прыклад такіх запісаў – рукапісныя метрычныя кнігі Ішкальдскага касцёла першай трэці ХІХ стагоддзя.
Прыемна адзначыць, што навучэнцы нашага каледжа былі не проста гледачамі і слухачамі на гэтай экскурсіі, а прымалі актыўны ўдзел у гутарцы экскурсавода, адказвалі на пытанні, праяўлялі цікавасць да таго, што бачылі, задавалі цікавыя пытанні. Актыўнасць была адзначана супрацоўнікамі музея: на памяць пра наведванне музея і набытыя веды засталіся маленькія музейныя сувеніры. Болей за ўсіх іх назбірала Штыцко Алена.