Get Adobe Flash player

Поделиться

Группа ВКонтакте

Коласаўскімі сцежкамі Пухавіччыны

Коласаўскімі сцежкамі Пухавіччыны

У кожнага народа ёсць паэты, веліч творчасці якіх узмацняецца ад пакаленя да пакалення. У нас – гэта Якуб Колас. Праз яго творчасць свет пазнаў жыццё беларускага народа. Мы ганарымся, што менавіта з Пухавіцкім краем цесна звязана біяграфія Народнага паэта Беларусі Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. Пухаўшчына – маляўнічы, чароўны, загадкавы край – колькі цёплых і пранікнёных радкоў прысвяціў яму знакаміты паэт. Па вершах “Зімой у Балачанцы”, “Вусце”, “Загібелька”,”Над Свіслаччу”, “Падбярэжжа” можна вывучаць геаграфію Пухавіччыны. У вершаваных радках: “Вобразы мілыя роднага краю – смутак і радасць мая…” – мы пазнаём пухавіцкія мясціны.

На паэтычнае свята “Каласавіны”, якое прайшло ў раённым Доме культуры 17 лістапада,  трапілі навучэнцы групы 115м. Іх сустракалі малодшы сын Якуба Коласа – Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, беларускія паэты Алесь Камароўскі і Ганад Чарказян. З іх вуснаў госці пачулі шмат цёплых слоў пра Якуба Коласа, яго пісьменніцкі талент, высокія чалавечыя якасці. Таксама гучалі вершы, песні на словы выдатнага паэта.

Надоўга запомняцца нашым навучэнцам словы Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча: “У кожнай справе шмат сваіх сакрэтаў, але іх можна разгадаць, калі вучыцца і набіраць веды. А для гэтага трэба чытаць, бо менавіта кніга вучыць не рабіць у жыцці тых памылак, якія ўжо зрабілі літаратурныя героі. Каб дайсці да высокага патэнцыялу, чалавек павінен працаваць. Працаваць  у любой галіне: на вучобе, ведучы ўласную гаспадарку, у выбранай прафесіі”. Спадзяёмся, што гэтыя словы стануць добрым запаветам на ўсё жыццё нашых першакурснікаў.