Get Adobe Flash player

Поделиться

Группа ВКонтакте

Поспехі ў абласным конкурсе “Тапаніміка роднага краю”

Поспехі ў абласным конкурсе “Тапаніміка роднага краю”

У гэтым навучальным годзе ў каледжы  прайшла ўжо шостая вучнёўская канферэнцыя. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў навучэнцы прадстаўляюць даследванні на самыя розныя, а часам і нечаканыя, тэмы. Сёлета ўдзельнікі канферэнцыі давалі адказы на пытанні: адкуль у нашай краіны ўзялася такая прыгожая назва, ці заўсёды бутэрброд падае маслам уніз, у чым прычына лішняй вагі падлеткаў у розных краінах, за што літаратары атрымоўваюць Нобелеўскую прэмію, як можна стаць багатым праз  біткойны, якія віды даільных апаратаў выкарыстоўваюць лепшыя гаспадаркі свету і ншыя.

А на ставарэнне даследчай работы на тэму “Пра гавораць назвы вуліц пасёлка Мар’іна” навучэнца другога курса, наведвальніка аб’яднання па цікавасцях “Старонкі гісторыі”, што працуе пры музеі гісторыі ўстановы адукацыі Арцёма Бачарова натхніў артыкул “Дать  улице  название…”, надрукаваны ў газеце “Пухавіцкія навіны”. Прачытаўшы яго, Арцём звярнуўся да кіраўніка аб’яднання па цікавасцях з пытаннем, ці можна вызначыць гісторыю паходжання назваў вуліц пасёлка Мар’іна, у якім размешчана старэйшая спецыяльная  навучальная ўстанова нашай краіны  – Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж. Так пачалася сумесная даследчая дзейнасць выкладчыка і навучэнца. Ездзілі ў Навасёлкаўскі сельскі савет, разглядалі карту пасёлка і межы вуліц, гулялі па пасёлку, вывучалі назвы вуліц, адкрывалі невядомыя факты з гісторыі не толькі пасёлка і навучальнай установы, але і раёна. У выніку атрымалася знайсці адказы на пытанні, якія цікавяць не толькі жыхароў нашай мясцовасці, але і гасцей.  У назве каледжа ёсць геаграфічная прывязка: ён Мар’інагорскі, значыць, ад назвы горада Мар’іна Горка – адміністрацыйнага цэнтра Пухавіцкага раёна. Чаму тады наш раён не Мар’інагорскі, а Пухавіцкі? Ці чаму адміністрацыйны цэнтр Мар’іна Горка, а не аграгарадок Пухавічы? Чаму выходзячы на чыгуначнай станцыі “Пухавічы”, мы апыноўваемся ў горадзе Мар’іна Горка, а выходзячы на чыгуначным прыпынку “Тэхнікум”, мы апыноўваемся ў каледжы, які размясціўся ў пасёлку Мар’іна?

У выніку атрымалася даследванне, дзе можна знайсці адказы на ўсе гэтыя пытанні. Канечне, ёсць там адказ на пытанне, вынесенае ў назву работы. З дзевяці існуючых у пасёлку Мар’іна вуліц геаграфічнымі назвамі названы сем, а дзве носяць “іменныя” назвы. Імёны герояў, у гонар якіх названы вуліцы пасёлка, цесна звязаны з гісторыяй нашай навульнай установы: гэта навучэнец Міхаіл Рудовіч – арганізатар партызанскага руху ў гады Грамадзянскай вайны, і вучоны Іван Мічурын, па падручніках якога вучылася не адно пакаленне студэнтаў. Вуліцы, названыя ў гонар знакамітых людзей, існуюць у пасёлку даўно, а ўсе новыя пабудовы, у асноўным гэта жылыя дамы, размешчаны  на вуліцах з назвамі Садовая, Паркавая, Азёрная, Мядовая, Радужная, Новая, Нагорная. Назвы для новых вуліц абраны невыпадкова, бо шматгадовая гісторыя навучальнай установы сведчыць пра тое, што на месцах  з сучаснымі пабудовамі, некалі быў разбіты парк, закладзены сад, першы кіраўнік сельскагаспадарчай школы Фёдар Іванавіч Губін – першы прафесар пчалярства ў Расіі, першая пасека на тэрыторыі пасёлка з’явілася пры першым кіраўніку. Ёсць пасека і цяпер. Сёння пасека знаходзіцца ў гадавальніку, а першая размяшчалася перад вучэбным корпусам – цяпер гэтае месца можна акрэсліць як паміж корпусам “Агранамія” і “ружовым” корпусам.

Калі ў Арцёма спыталі, пра што ж гавораць назвы вуліц пасёлка Мар’іна, навучэнец, не задумваючыся, адказаў: “Пра гісторыю!”. І гэта на самой справе так – пра гісторыю пасёлка, установы адукацыі, людзей, што тут жылі, вучыліся, працавалі.

Поспех Арцёма Бачарова на вучнёўскай канферэнцыі – не адзінае дасягненне. Было вырашана прадставіць гэтае даследванне на абласны конкурс “Тапаніміка роднага краю”, які праходзіў у межах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі – тым ганаруся”. Па выніках правядзення гэтага конкурсу даследчая работа “Пра што гавораць назвы вуліц пасёлка Мар’іна” навучэнца групы 112м аддзялення “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” УА “Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічны каледж імя У.Е.Лабанка”  Арцёма Бачарова адзначана Дыпломам другой ступені ў намінацыі “Пасёлкі”. Віншуем Арцёма і яго кіраўніка – выкладчыка беларускай мовы і літаратуры, кіраўніка музея гісторыі ўстановы адукацыі Алену Валянцінаўну Свірыдаву з поспехам на абласным конкурсе, жадаем новых творчых дасягненняў! А яны ў сваю чаргу гавораць словы ўдзячнасці тым, хто дапамагаў у стварэнні работы: дырэктару Пухавіцкага краязнаўчага музея Аляксандру Аляксандравічу Прановічу, метадысту Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталлі Іванаўне Обухавай, старшыні Навасёлкаўскага сельскага савета Галіне Міхайлаўне Алесіюк, выкладчыкам  Алене Дзмітрыеўне Канаш, Наталлі Анатольеўне Кішко.