Get Adobe Flash player

Поделиться

Группа ВКонтакте

Вучыцца рухацца наперад…

Вучыцца рухацца наперад…

Сакавік адзначаны рознымі знамянальнымі датамі, адна з каторых – 100-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта, драматурга, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Алеся Бачылы. Чарговае мерапрыемства па ўшанаванні памяці ганаровага земляка адбылося ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы. Пры падтрымцы раённага краязнаўчага музея арганізавана сустрэча з паэтам-песеннікам, членам ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Канстанцінам Цыбульскім. Канстанцін Цыбульскі займаўся рознымі справамі: працаваў на заводзе фрэзероўшчыкам, пасля заканчэння філфака БДУ займаў пасады інспектара па справах непаўналетніх Слуцкага ГРАУС, быў начальнікам прэс-цэнтра і спецыяльнага карэспандэнта УУС Мінаблвыканкама. Цяпер з’яўляецца старшынёй секцыі музыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Але справай усяго яго жыцця стала паэзія. Ён з’яўляецца аўтарам пяці паэтычных зборнікаў, у якія ўваходзяць вершы на самыя разнастайныя тэмы. З маладосці Канстанцін Цыбульскі складаў вершы, неаднаразова станавіўся пераможцам рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў. Ім створана мноства песень, якія выконваюць зоркі беларускай эстрады. Сваімі дасягненнямі паэт падзяліўся з першакурснікамі каледжа. Атрымалася шчырая гаворка і пра нараджэнне і дзяцінства ў маленькай вёсачцы Забалоцце Маладзечанскага раёна, і пра падрыхтоўку дамашніх заданняў пры лучыне, і пра працу рабочым на механічнім заводзе “Спадарожнік”, і пра вучобу на філфаку БДУ. А асаблівую цікавасць у навучэнцаў выклікаў расказ пра працу ў інспекцыі па справах непаўналетніх Слуцкага ГРАУС, а таксама пра поспехі ў секцыі каратэ. Канстанцін Цыбульскі падзяліўся з навучэнцамі і сваім жыццём дэвізам: “Будзеш рухацца – горы пераадолееш, а будзеш сядзець – у яму звалішся”. Яго шмат хто з прысутных узяў сабе як нататку.

Канстанцін Цыбульскі ўзгадаў, якую ролю адыграў у яго жыцці і творчасці Алесь Мікалаевіч Бачыла. Менавіта ён правіў вершы пачынаючага паэта ў далёкія 1970-ыя гады, даваў пуцёўку ў паэтычнае жыццё. Канстанцін Цыбульскі адзначыў, як важна мець у жыцці добрага настаўніка і дарадцу, старэйшага таварыша, з якім займаешся адной справай.

Дырэктар Пухавіцкага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч раскрыў таямніцы біяграфіі і творчасці Алеся Бачылы. Ён пазнаёміў навучэнцаў не толькі з асноўнымі біяграфічнымі звесткамі, але і адкрыў таямніцы творчасці Алеся Бачылы, пра якія можна даведацца толькі ў краязнаўчым музеі нашага раёна. Асаблівае хваляванне навучэнцаў выклікала дэманстрацыя рукапіснага зборніка ваеннага перыяду, у якім вершы прысвечаны жонцы Алеся Бачылы – Яўгеніі Яфрэмаўне. Навучэнцам захацелася наведаць экспазіцыю ў галерэі Пухавіцкага краязнаўчага музея, бо як высветлілася падчас сустрэчы, у пакоі, прысвечаным знакамітаму земляку, знаходзіцца бібліятэка паэта, а ў ёй – каля двухсот кніжак з аўтографамі пісьменнікаў. Першакурснікі зацікавіліся, хто з беларускіх пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаюць на занятках па літаратуры, сябраваў з Алесем Бачылам.

У каледжы праходзіць шмат творчых сустрэч з беларускімі мастакамі, і кожная з іх з’яўляецца дзейсным сродкам натхнення на добрыя пачуцці, думкі і справы. І гэтая сустрэча не стала выключэннем. Госці вучылі навучэнцаў думаць, тварыць, здзяйсняць патаемныя мары, не спыняцца на дасягнутым, развіваць свае здольнсці (якія ёсць у кожнага, проста іх трэба адшукаць) і рухацца наперад, не спыняючыся перад цяжкасцямі.