Дзень роднай мовы
21 лютага ў каледжы адзначылі ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ
На працягу дня гучала беларускае слова, навучэнцы слухалі песні на словы беларускіх паэтаў, глядзелі эпізоды з мастацкіх фільмаў – экранізацый твораў беларускіх пісьменнікаў. У фае галоўнага корпуса наведвальнікамі аб’яднання па цікавасцях “Старонкі гісторыі” быў аформлены тэматычны стэнд, а галоўнае свята адбывалася ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры. Яго арганізатарам стала выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Свірыдава Алена Валянцінаўна, удзельнікамі – навучэнцы першага курса.
Навучэнцы груп 112м, 113м, 65а, 60э прынялі актыўны ўдзел у прапанаваных акцыях. Падрыхтавалі і аформілі матэрыял на тэму “Паэты і пісьменнікі пра беларускую мову…” навучэнцы групы 65а. “Словамі на беларускай мове па будучай спецыяльнасці” папоўнілі скарбонку цікавых назваў навучэнцы групы 112м – будучыя тэхнікі-механікі. Усе жадаючыя напісалі “Любімае беларускае слова” на макеце літары “Ў”. Літара для макета абрана невыпадкова – яна ёсць толькі ў алфавіце беларускай мовы. Прыемна адзначыць, што сярод любімых беларускіх слоў нашых навучэнцаў сустракаюцца словы Мова, Беларусь, Радзіма, Пухаўшчына, Сям’я, Матуля, Тата, Продкі, Каханне – гэта сведчыць пра сапраўдныя галоўныя каштоўнасці ў іх жыцці.
З гісторыі свята. 21 лютага на ўсёй планеце адзначаецца адно з найбольш важных, найбольш патрэбных сёння святаў, – Мiжнародны дзень роднай мовы.
Мiжнародны дзень роднай мовы быў зацверджаны на сесii ЮНЕСКА ў 1999 годзе па прапанове невялiкай дзяржавы Бангладэш.
Па звестках гэтай арганiзацыi, з 6 тысяч моў, на якiх людзi гавораць у розных краiнах, палова ў той або iншай ступенi знаходзiцца пад пагрозай знiкнення. Па меркаваннi спецыялiстаў, любая мова трапляе ў гэты спiс, калi ў той цi iншай супольнасцi яе перастаюць вывучаць больш як трыццаць працэнтаў дзяцей.
Калi кiравацца такiмi разлiкамi, то беларуская мова не знаходзiцца пад пагрозай вымiрання. Яе вывучаюць у кожнай беларускай школе. Па вынiках апошняга перапiсу 53,2% нашых грамадзян лiчаць беларускую мову роднай, па выніках перапісу 1999 года такіх грамадзян было 73,6%.
Паводле даных Атласа моў свету, якi нядаўна пад эгiдай усё той жа ЮНЕСКА выйшаў у Парыжы, толькi ў Еўропе пад пагрозай знiкнення знаходзяцца 50 моў i гаворак.
У Міжнародны дзень роднай мовы ўсе мовы свету прызнаюцца роўнымі, таму што кожная з іх унікальная з’ява, кожная ўяўляе жывую спадчыну, да якой мы павінны сур’ёзна ставіцца і захоўваць.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
Дзень святкавання – 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай утагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
З гісторыі з’яўлення літары Ў. Гэта дваццаць другая літара беларускага алфавіта. Утворана шляхам спалучэння літары у з дыякрытычным знакам. Мае назву “у нескладовае”. У старабеларускім пісьменстве не ўжывалася: у той час гук [ў] абазначаўся літарамі в, у, л.
Прапанавана ў 1870 годзе П.А.Бяссонавым.Па тэхнічных прычынах доўгі час замянілася літарай у. У тэкстах, надрукаваных лацінкай, абазначалася знакамі и, й.
Пачала выкарыстоўвацца ў пачатку ХХ стагоддзя ў газетах “Наша доля”, “Наша ніва”, выданнях суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”.
У Полацку на бульвары Францыска Скарыны размешчаны помнік літары “Ў”. Усталяваны ў верасні 2003 года падчас святкавання 10-га «Дня беларускага пісьменства». Аўтар помніка – беларускі мастак з Полацка Ігар Куржалаў. Помнік зроблены ў выглядзе вокладкі кнігі, на якой змешчаны словы з літарай “ў”, а таксама цытата з верша Рыгора Барадуліна «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет».