Get Adobe Flash player

Поделиться

Группа ВКонтакте

Экскурсія ў музей Якуба Коласа

Экскурсія ў музей Якуба Коласа

Напярэдадні святкавання 135-годдзя з Дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа навучэнцы групы 60э наведалі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску. Пазнаёміліся з цікавай і незвычайнай гісторыяй дома народнага паэта, дзе прайшлі апошнія гады яго жыцця. Асаблівую цікавасць выклікалі мемарыяльная частка музея, а таксама новая экспазіцыя, прысвечаная аўтамабілям Якуба Коласа. У мемарыяльнай часты прадстаўлены асабістыя рэчы Якуба Коласа, посуд, мэбля, іншыя прадметы інтэр’ера, якімі карыстаўся знакаміты паэт, члены яго сям’і і шматлікія госці, што бывалі ў гэтым доме, найперш – калегі-пісьменнікі Міхась Лынькоў, Максім Лужанін, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Максім Танк, сват Янка Маўр (дачка Маўра Наталля стала нявесткай Коласа), Янка Брыль, Іван Мележ, Іван Шамякін, Мікола Аўрамчык. Дзякуючы старшаму навуковаму супрацоўніку Дубовіку Івану Сільвестравічу інакш адкрылася і кніжная спадчына пісьменніка. Экскурсавод вельмі захапляльна расказаў пра знакамітыя творы Якуба Коласа: паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, трылогію “На ростанях” – пра кожны з гэтых твораў навучэнцы даведаліся нейкі невядомы раней факт, пра які не прачытаеш у падручніку.

Нагадаем, што імя Якуба Коласа цесна звязана і з Пухавіцкім краем. Менавіта тут любіў адпачываць паэт з 1930-ых гадоў і да канца сваіх дзён. Вёскі Талька, Загібелька, Падбярэжжа, Вусце, Беразянка, Балачанка сталі роднымі для яго мясцінамі, якім ён прысвяціў шматлікія вершы, паэмы “Міхасёвы прыгоды”, “Рыбакова хата”.

Імя Якуба Коласа ўвайшло ў гісторыю нашай навучальнай установы. Дваюрадны дзядзька па матчынай лініі Адам Юр’евіч Міцкевіч узначальваў вучэбную частку ў Мар’інагорскім тэхнікуме ў пачатку 1920-ых гадоў, выкладаў фізіку і матэматыку. Частымі гасцямі з’яўляюцца малодшы сын Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, унучкі Марыя Міхайлаўна і Вера Данілаўна. Яны таксама носяць прозвішча Міцкевіч, бо жанчыны ў гэтай сям’і, выходзячы замуж, астаўляюць прозвішча знакамітага продка.