З 11 да 16 лістапада 2024 года ў каледжы прайшоў Тыдзень роднай мовы. Мэта правядзення тыдня – прывіццё павагі да роднай мовы як духоўнага скарбу свайго народа. Выкладчыкі, імкнуцца адпавядаць патрабаванням часу, улічваючы не толькі свае магчымасці, але і магчымасці навучэнцаў, правялі шэраг цікавых мерапрыестваў.
Было не толькі пазнавальна, а і захапляльнана, весела, сучасна, інтэрактыўна! Выкладчыкі правялі беларускамоўныя мерапрыемствы: вучэбныя заняткі, выхаваўчыя і інфармацыйныя гадзіны, інтэрактыўныя і інтэгрыраваныя гульні, цікавыя акцыі, арганізавалі прагляд відэаматэрыялу. Праводзячы кожнае мерапрыемства, спадзяваліся, што навучэнцы запомняць трапныя залацінкі-выслоўі роднай мовы для таго, каб захоўваліся спрадвечныя традыцыі, шанавалася беларуская мова, гучала ў сэрцах роднае слова.
На працягу тыдня выкладчык эканамічных прадметаў Дзедучэнка Л.Р. праводзіла беларускамоўныя інтэрв’ю “Перакладзі слова”, складала з навучэнцамі інтэрактыўны слоўнік “Маё любімае беларускае слова” і прапаноўвала знайсці зашыфраваныя словы праз акаунт каледжа ў сацыяльнай сетцы Instagram; выкладчык гісторыі і геаграфіі Сарачынская В.І. праводзіла займальную віктарыну “Знаёмыя/незнаёмыя словы на роднай мове”; выкладчык матэматыкі Канаш А.Д. арганізавала беларускамоўны чэлендж “Мой любімы матэматычны тэрмін”; выкладчык беларускай мовы і літаратуры Свірыдава А.В. запрашала паўдзельнічаць у праекце “Не прачытайце міма”.
Пазнавальную гульню “Мой чароўны беларускі край” правяла выкладчык замежнай мовы Бараноўская В.В. для навучэнцаў другога курса.
Беларускамоўную інфармацыйную гадзіну на тэму “Паходжанне назвы “Беларусь” і моўная палітыка ў Беларусі” правяла для навучэнцаў чацвёртага курса куратар Сарачынская В.І.
Для навучэнцаў другога курса інфармацыйную гадзіну “Гучы, роднае слова!” правяла выкладчык інфарматыкі Кукіна Н.І.
Інтэгрыраванае мерапрыемства “На матэматыку — з роднай мовай” правяла для першакурснікаў выкладчык матэматыкі Канаш А.Д.
Выкладчык беларускай мовы і літаратуры Свірыдава А.В. арганізавала прагляд відэасюжэтаў пра знакамітых беларусаў “Натхнёныя Бацькаўшчынай”, правяла інтэрактыўнае падарожжа па роднай краіне, пазнавальную гульню “СКАРБ”. Акрамя таго, у кабінеце беларускай мовы і літаратуры на працягу тыдня ішла падрыхтоўка да ўдзелу ў раённым свяце Каласавіны 2024: навучэнцы рыхтавалі тэматычныя малюнкі, чыталі вершы Якуба Коласа.
Правядзенне тыдняў роднай мовы дазваляе далучыць навучэнцаў да багатай моўнай спадчыны беларускага народа, пашырыць іх лексічны запас. Садзейнічае глыбокаму ўсведамленню таго, што мы — беларусы, у нас ёсць свая мова, непаўторная, мілагучная, якую трэба ведаць і шанаваць, каб пакінуць у спадчыну сваім дзецям.