Главное управление по образованию Минского Облисполкома

Учреждение образования
«Марьиногорский государственный ордена «Знак Почета»
аграрно-технический колледж имени В.Е.Лобанка»

Язык сайта
Для слабовидящих
Поделиться

Группа ВКонтакте

У які куток імкнуўся Якуб Колас

У які куток імкнуўся Якуб Колас

Калі пытаеш у навучэнцаў, якіх беларускіх паэтаў яны ведаюць, то,  адразу чуеш імёны Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сапраўды, гэта паэты, якія ўвайшлі ў свядомасць кожнага беларуса змалку і засталіся на ўсё жыццё. Гэта сімвалы не толькі беларускай літаратуры, а і Беларусі ўвогуле. Сваёй дзейнасцю і творчасцю яны заслужылі права быць сімваламі нацыі. Сёлета ім – асаблівая ўвага, бо мы адзначаем 140-годдзе з Дня нараджэння славутых песняроў беларускай зямлі.

Улетку прайшлі мерапрыемствы па ўшанаванні памяці Янкі Купалы, увосень праходзяць святы ў гонар Якуба Коласа. У Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі адбыліся Каласавіны. Каласавіны на Пухавіччыне – не разовая акцыя, а традыцыйнае свята, якое адзначаецца штогод, проста ў юбілейны год яно набывае іншы маштаб. Гэта не выпадкова — Якуб Колас лічыў гэты край другой малой радзімай. Ён правёў тут шмат шчаслівых момантаў, напісаў шэраг цікавых і захапляльных твораў, аставіў запамінальны след у гісторыі Пухавіцкага раёна. З 1930-х гадоў і да апошніх дзён жыцця ён рэгулярна прыязджаў на адпачынак, гасцяваў з сям’ёй у розных паселішчах. Вёскі Талька, Загібелька, Падбярэжжа, Вусце, Беразянка, Балачанка паўстаюць у паэтычных і празаічных радках класіка. У Коласаўскіх радках: “Я мімаволі ўспамінаю// І ў той куток імкнуся зноў// Дзе жыў я ціха, як у раі…” – адчуваюцца пранікнёныя адносіны да Пухавіччыны. А нашчадкі — жыхары Пухавіцкага раёна ўдзячны за тое, што паэт разглядзеў прыгажосць менавіта гэтых мясцін, імкнуўся сюды, каб напоўніць душу лепшымі перажываннямі. Напоўніць сэрцы падобнымі эмоцыямі, дакрануўшыся да постаці класіка беларускай літаратуры, кожны дзень можна ў мастацкай галерэі Пухавіцкага краязнаўчага музея, дзе аформлена экспазіцыя “Людзі і прырода краю. Якуб Колас і Пухавіччына”. Можна прыходзіць сюды штодзень і раз за разам адкрываць для сябе штосьці новае з жыцця вядомага ва ўсім свеце паэта.

Супрацоўнікі музея адказна падрыхтаваліся да юбілею. Экспазіцыя папоўнілася новымі выставамі. На адной з іх прадстаўлена кніжная спадчына паэта, на другой – фотаздымкі пухаўчан і пухавіцкіх краявідаў, перададзеныя малодшым сынам Якуба Коласа Міхасём Канстанцінавічам. Атмасферна аформлілі залу, дзе праходзіла мерапрыемства. Хочацца сказаць, што яно было ўрачыстым, але гэта будзе не зусім дакладна. Побач з урачыстасцю панавала добрая свойскасць, сямейнасць, роднасць. У цёплай абстаноўцы сустрэліся прыхільнікі творчасці Якуба Коласа розных пакаленняў. Было шмат настаўнікаў і вучняў школ Пухавіцкага раёна. Слова класіка паяднала ўсіх! Школьнікі і  навучэнцы Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа прадставілі малюнкі да твораў пісьменніка, а супрацоўнікі музея аформілі з іх прыгожую выставу. Склалі праграму, улічыўшы жаданні гасцей прачытаць вершы і ўрыўкі з твораў любімага паэта. Старэйшы навуковы супрацоўнік Аляксандр Прановіч падзяліўся з удзельнікамі свята ўнікальнымі фактамі з пухавіцкай біяграфіі Якуба Коласа, пра якія не прачытаеш у падручніках. Супрацоўнікі раённай бібліятэкэкі таксама аформілі выставу, а асаблівую цікавасць выклікалі іх творчыя заданні пра жыццё і дзейнасць Якуба Коласа на Пухавіччыне. Дырэктар музея Таццяна Прысяжнюк так душэўна сустрэла кожнага госця і ўдзельніка мерапрыемства, што, нават калі ўсё скончылася, не хацелася разыходзіцца. Асабліва пранікнёныя словы з яе вуснаў прагучалі ў адрас дзетак, якія прымалі ўдзел у конкурсе чытальнікаў твораў беларускага класіка. На Каласавінах прагучала каля трыццаці вершаў паэта, шмат з якіх былі напісаны на пухавіцкай зямлі ці ёй прысвячаны. Удзельнікі на памяць атрымалі падарункі: сертыфікаты ўдзельнікаў, дыпломы пераможцаў, кнігі. Усе разам перажылі адчуванне шчасця ад таго, што такі выключны творца абраў Пухавіччыну, каб імкнуцца перажыць тут лепшыя моманты свайго жыцця.

  1. PS. У конкурсе чытальнікаў Сертыфікатамі ўдзельнікаў адзначаны навучэнцы нашага каледжа Мядзведзеў Мацвей (65Э), Браварскі Глеб (66Э), Варывончык Данііл (66Э)! У конкурсе малюнкаў Дыплом трэцяй ступені атрымаў Матвееў Марк (123М)! Малайцы! Навучэнцаў падрыхтавалі выкладчыкі рускай і беларускай мовы Хлебавец Таццяна Генадзьеўна і Свірыдава Алена Валянцінаўна.